-неизвестно

 -Я - фотограф

Самые северные плантации чая

Чайные плантации в МалазииЧайные плантации в Китае Чайные плантации в Индии Чайные плантации РоссииЧайные плантации РоссииЧайные плантации РоссииЧайные плантации РоссииЧайные плантации РоссииЧайные плантации России

 -ТоррНАДО - торрент-трекер для блогов

Делюсь моими файлами
    Скачал и помогаю скачать

      Показать все (1)

       -Подписка по e-mail

       

       -Поиск по дневнику

      Поиск сообщений в sasha-istorik

       -Статистика

      Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
      Создан: 02.03.2008
      Записей:
      Комментариев:
      Написано: 226


      Вершы Янкі Купалы

      Четверг, 16 Октября 2008 г. 13:27 + в цитатник

      Выкладваю два вершы Янкі Купалы са зборніка "Апавяданьні і легенды вершамі розных аўтароў", выданага ў 1914 годзе ў Вільні (сучасны Вільнюс, Літва).

      Янка Купала
      Роднае слова
      Пад навалай крыўдаў, многія сталецьця,
      Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця,
      Мы нясьлі - ўсё ныла, гінула памалу,
      Аж ня нашай наша бацькаўшчына стала.
      Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
      Не для нас пасевы нашы зарунелі,
      Адно ты нам, слова, асталося верным,
      Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.
      Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня
      Не заклеймавалі помстай зьнічтажэньнем, -
      Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
      Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
      Сеючы ж і дома і за домам косьці -
      Дзе нас гналі нашы леташнія госьці -
      Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі,
      І здарма чакалі ад людзей падмогі...
      Ўсё спаганяць людзі, покуль ноч шалее, -
      Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
      Дый таго ня вырвуць, што напела маці,
      Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
      Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова!
      Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,
      Як бяруць матулю ў малой дзяціны,
      Як бяруць у бацькі апошняга сына!
      Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
      Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца;
      Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
      У благой і добрай мачысе-прыгодзе.
      І мы самі нават мо не спазнавалі,
      Як у думках сонных цябе гадавалі,
      Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці
      Ад напраснай злосьці, ад людзкой напасьці.
      *
      Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай,
      Быў час, свае правы чужым дыктавала;
      І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, -
      Гэта або вецер, што ў платох трасецца,
      Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
      Чалавечых думак, чалавечай долі, -
      Хто ў грудзях гадуе злосна непрытворна
      Замест сэрца камень, мест душы - дым чорны.
      *
      Як жыло ты з намі - будзеш вечна жыці,
      Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці...
      З папялоў мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
      Весела ўзойдзе рунь сьветлянай славы,
      І радзімым словам рукой мазалістай
      Беларус упіша на страніцы чыстай
      Кнігі ўсіх народаў, важна, ў непрымусе,
      Сумную аповесьць роднай Беларусі.

      Янка Купала
      Шчасьце
      І.
      Ты гаворыш, суседзе, што на сьвеце ўсё едзе
      Крыва, наскас, ня так як патрэба,
      І што ў гэтай круцёле вінна нашая доля,
      І то сонца, што сьвеціць нам зь неба.
      Эй, сьмяешся ты хіба, мой гаротны Кандыба,
      Растлумачу я ўсё тут іначай:
      Самі мы вінаваты ў нашай долі праклятай,
      У тым, што век бядуем ды плачам.
      Глянь, во англік ці немец! - яны ўсё ўмеюць скеміць
      Ім і шчасьце і радасьць пакорны;
      Мы ж ляжым, як мядзьвёдкі, як гнілыя калодкі,
      І нас топча, хто болей праворны.
      Сьпім сабе, ані дбаем, палягчэньня чакаем,
      Быццам зь неба нам зваліцца тое,
      За нішто сходзяць сілы, прыбываюць магілы,
      Штораз меней прастору, спакою.
      Дзе ня кінеш ты вокам, прэцца ўсё шыбкім крокам,
      К чамусь рвуцца, штось хочуць народы.
      Калі ж наш хто прачнецца, то яму ўжо здаецца...
      Але слухай адной вось прыгоды.
      ІІ.
      Пад гайком, пры дарожцы, знаў я хлопца ў вёсцы,
      На сяло ўсё быў гэты дзяціна:
      Дужы, стройны, прыгожы, працу ўсякую зможа,
      Ласку меў не ў адной ён дзяўчыны.
      Кажуць, з доляй хто зжыўся, той у чэпку радзіўся,
      Янка мой, знаць, яшчэ і ў кашулі:
      Бацька, маці любілі, зь кніжкай знацца наўчылі,
      Часта грош які меў і на гулі.
      Ён адзін у іх дзетак, дык ня дзіва, што гэтак
      Папясьціць яго часам любілі,
      Пакуль з гэтых пяшчотаў не спагнаў той ахвоты;
      Пакуль злы яго дух не асіліў.
      Стаў глядзеці ён крыва на хаціну, на ніву,
      Стаў глядзець ён ні хамам, ні панам:
      Стала стыдна сярмяжкі, пры сасе працы цяжкай, -
      Пацягнула яго ў край нязнаны.
      І адной вось нядзелі, толькі ўстаўшы з пасьцелі,
      Стаў зьбірацца наш Янка ў дарожку;
      Дарма маці хліпоча, дарма бацька біць хоча,
      Ён спынуўся з катомкай за вёскай.
      ІІІ.
      І пайшоў ў сьвет шырокі, ў сьвет няпэўны, далёкі,
      Ад дамовай шукаць лепшай долі,
      А сьвет, знаеш, мой братка, - то ня родная хатка:
      Усяго ў ім зазнаеш даволі.
      Мы, вясковае племя, менш пры чарцы задрэмлем,
      А як прыйдзе лоб ставіць прашкодзе,
      То тады, як у ночы, толькі лыпаюць вочы,
      Гінем марна, як крыгі ў разводзьдзе.
      Не скажу, каб мой Янка шэльмай быў безустанку:
      Ў той жа час за сялом зажурыўся,
      Бо хто ж ёсьць так нягодны, не заплача па роднай
      Па старонцы, дзе ўзрос, дзе радзіўся?
      Калі выйдзеш, дарогаў туды-сюды - ой, многа!
      Толькі наш брат іх выбраць ня ўмее, -
      Ходзе, мерыць штосілы - бач і блудзе, аж міла -
      Меў надзею, згубіў і надзею.
      Гэткіх сьцежак меў спорна і мой зух непакорны:
      Як та рыба, ня раз аб лёд біўся,
      Піў насьмешкі і сьлёзы, быў і п'ян і цьвярозы,
      Жыў на возе, пад возам круціўся.
      ІV.
      Зьбеглі многія леты. За час доўгенькі гэты
      Многа хмар пераехала небам;
      Той радзіўся, хрысьціўся, той на век паваліўся,
      Той шоў з хаты за шчасьцем, за хлебам.
      Лет дзесятак нялёгка пражыў Янка далёка
      Ад мейсц тых, дзе яшчэ бегаў дзіцем, -
      Але дзе ён ня ходзе, нуда песьняў заводзе,
      Не дае свайго кута забыці.
      Зь нізкай прызбай хацінка, шнур зь вясёлай збажынкай,
      Ці шуміць лес, ці рэчка плюскоча,
      І зямелька, і зоры, ўсё аб родным гавора,
      Спаць ня раз не даюць і ў ночы.
      Жыў і ўсё ж не спаткаўся з доляй той, к якой рваўся.
      Ці ня лепей было сядзець дома?
      І сабраўся ў дарогу к свайму Янка парогу,
      Не гаворачы слова нікому.
      Ідзе, ногі зьмяняе, ў сэрцы радасьць такая
      Песьняй свойскай душу пацяшае;
      Толькі горы і долы, і паляны і сёлы,
      Ўсё чужыя з падскокам мінае.
      V.
      Эй, вы, родныя нівы! Эй, ты, бор гутарлівы!
      Эй, вы, ўбогія родныя вёскі!
      Вас да самай магілы любіць трэба штосілы,
      З вамі гэтак прыгожы сьвет боскі!
      На што скарбы чужыя, калі дома такія
      Ўвакруг з нашым жыцьцём зіхацяцца?
      Толькі трэба ўмеці злое ўсё адалеці,
      Толькі трэба бядзе не давацца.
      Працай шчырай і знаньнем гору справім скананьне;
      Праўдай лёгка няпраўду змагаці,
      І на вузкіх на гонях пры сваіх валах, конях,
      Ой, шмат можна чаго даказаці!
      І ты, брат сьлёзнавокі, што ў сьвет рвешся далёкі,
      Вазьмі толькі кругом агляніся!
      Ці ж ня праўда, як сонца, што мы ў нашай старонцы
      З усім неяк зрасьліся, зжыліся?
      Пух сьняжаны зімою, шчэбет птушак вясною,
      Летам поля краса, шум ігрушы;
      Ў восень сьпелая ўрода і шнуркоў, і гародаў, -
      Гэта ўсё толькі камня ня ўзруша.
      VІ.
      Прэ Янук пехатою, - свой кут не за гарою;
      Сэрца б'ецца, як выскачыць хоча.
      Вось і вёска, вось брама, стаіць хатка так сама!
      Вось вайшоў, "пахвалёны" бармоча.
      К яму зараз у хаце: "Чаго хочаш, мой браце?
      "Як відаць, мусіць ты заблудзіўся".
      Янка глянуў, аж млее, пытаць сьмее - ня сьмее:
      "Людзі добрыя, я тут радзіўся!
      Тут мая... наша хатка, тут мае - бацька, матка,
      Мая моладасьць тут уплывала".
      А яму зноў зьнянацка: "на тым сьвеце твой бацька,
      Ўтрымаць хатку сіл матцы ня стала.
      Яна ходзе, жабруе, пад вугламі начуе,
      успамінае і мужа і сына.
      Ну, чаго так стаў бедны? Бачым - бедны ты, бедны!
      А ўсё ж мейсца няма тут, дзяціна".
      Як кляшчамі, няміла Янку штосьці здушыла;
      Выйшаў з хаты са слоўцам "падзяка",
      І на прызбу зваліўся, сьлязьмі горка заліўся,
      Аж груган недзе ў высі закракаў.
      VІІ.
      Плача Янка крывава, - думкі, шчасьце і слава
      Недзе зьбегчы ў чыстае поле; -
      Ціха ўстаў, азірнуўся і ў карчомку папхнуўся
      Заліваць сваю долю-нядолю.
      Заліваў, ды ня надта, знаць, з нудой мог праклятай
      Ваяваць сваім сэрцам збалелым;
      Гнуўся, што раз - то ніжэй, пад жыцьця цяжкім крыжам,
      Аж змарнеў так душою і целам...
      Было, помніў я гэта, на пачатку штось лета;
      Ўся зямля хараством красавала:
      Поле кветка здабіла, неба птушка хваліла,
      Пры жывёле жалейка іграла.
      Я шнурок свой абходзіў, прыглядаўся ўродзе, -
      (Мой надзел быў ля самай дарогі);
      Бачу, - люду гмін пхнецца, а зь ім Янка пляцецца -
      Толькі ў путах і рукі, і ногі...
      Цяпер думай, што воля, вінен Янка ці доля?
      Дзе тут шчасьце - за хатай ці ў хаці?
      Самі шмат мы ў праклятай славе той вінаваты,
      Што ня ўмеем злой долі змагаці.


       

      Добавить комментарий:
      Текст комментария: смайлики

      Проверка орфографии: (найти ошибки)

      Прикрепить картинку:

       Переводить URL в ссылку
       Подписаться на комментарии
       Подписать картинку