-Поиск по дневнику

Поиск сообщений в lj_fevra

 -Подписка по e-mail

 

 -Постоянные читатели

 -Статистика

Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
Создан: 19.12.2005
Записей:
Комментариев:
Написано: 1


Маё лета 28-30 чэрвеня, 01 ліпеня. Kilkim Zaibu 2018

Воскресенье, 01 Июля 2018 г. 19:54 + в цитатник
Мне вельмі пашанцавала ў гэтым годзе зноў паехаць на любімы фэст, дзе пачуваюся як дома. Мае сябры Таня і Барыс з дачкой паехалі на машыне і ўзялі мяне з сабой. З аднаго боку - гэта поўны камфорт і ніякага хвалявання, а з другога - татальнае падпарадкаваньне жаданьням кіроўцы :) Шмат цікавых гуртоў выступаюць позна, калі кіроўца хоча ехаць дадому спаць, да таго ж нашае цудоўнае лета, доктар, дае даволі халодныя ночы, а кіроўца хоча цяпла :)
Не гледзячы на тое, што я нешта прапусьціла, я гэтаксама вельмі шмат атрымала, таму настрой узьняты. І ведаю, што наступным годам абавязкова паспрабую паехаць ізноў. Можа, нават і са Стэфкай.
На мяжы мы стаялі ня доўга, бо з Каменнага Лога вырашылі паехаць на Лошу, і правялі ў агульнай колькасьці на мяжы 4 гадзіны. Косьця Зьміеўскі, якога я сустрэла на Каменным логе, прастаяў са сваімі сябрамі 8 гадзін :(
Жылі мы ў апартаментах у горадзе Цяльшай, што за 30 км ад фэста. Дом стары, але кватэра адрамантавана цудоўна, від на вялікае, спакойнае возера, шмат неба, ветранае надвор'е, бягучыя кучаравыя аблокі... Калі гуляеш па ўзбярэжжы, здаецца, што вось-вось паляціш у гэтае неба да аблокаў, бо вецер цябе ўздымае, і падаецца, што ты губляеш вагу :) Цяльшай маленькі гарадок, але гэтае возера дае яму столькі прасторы і моцы!
Гаспадара нашай кватэры Томаса не было ў краіне, таму нас сустрэў яго бацька Альфрэдас, вельмі дзейны і актыўны чалавек. Расказаў адразу пра сябе, пра сваё жыцьцё і заняткі (што прагнаў каля 200 машын, потым займаўся дрэвам, а потым купіў зямлю і возера, і зрабіў зону адпачынку), і адразу ж павёз нас да сябе, на каву, пакатацца на лодачцы і парадавацца жыцьцю. Пасьля і да фэста нас завёз, дзе мы радасна набраліся піва і паскакалі пад Фінтроль.
Таксама пазнаёміліся з майстрам, што робіць упрыгожванні і розныя рэчы з костак жывёлаў, рогаў, іклаў і г.д. я спытала, ці ён палюе сам на іх? Ён сказаў, што раней паляваў, а потым яму прысьніўся сон, у якім чорныя дзікі заманілі яго ў нейкі вялікі шалаш, дзе замест столі была дзіра, і калі ён стаў там, пад адкрытым небам, яму зьверху сказаў голас: не забівай! Пасьля гэтага сна майстра перастаў паляваць, проста зьбірае тое, што знаходзіць у лесе: чарапы, косткі, рогі.. Побач зь ім бегалі два хлопцы, відавочна, яго дзеці, я запыталася, ці перадае ён сваё рамяство сынам. Сказаў, што часам яны нешта робяць, але агулам гэта іх не цікавіць, і ён не настойвае. З яго прац мне спадабаўся клык глыбакаводнай старой акулы, сіняга колеру.
У другі дзень дамовіліся з Альфрэдасам, што возьмем яго з сабой на фэст. Падарожжа пачалося з яго возера, зноў. Гаспадар частаваў нас смачным хлебам, што сьпякла яго маці. Я бачу, што пячы хлеб у Літве гэта нават не традыцыя, а паўсядзённасьць, мая сяброўка Рута з Вільні таксама пячэ хлеб. :)))
Таксама Альфрэдас прапанаваў самаробны мясны рулет ды віно. Пазнаёміліся з яго сяброўкай Юратай і паехалі разам на фэст, даючы ўрокі рускай мовы Юраце па дарозе :)
На фэсце як раз патрапілі на выступ гурта Apocalypse Orchestra, які вельмі ўразіў ня толькі нашых новых сяброў, але і нас, і амаль усіх :) Весялосьць так і перла зь мяне, бо, пасьля сёлетняга фэста, калі тры дні запар ішоў дождж, тут сьвяціла сонца і было даволі цёпла не гледзячы на моцны вецер! Мы з Данай пахапалі паралонавыя дзіды, мячы і шчыты і пачалі бойку, стала ўвогуле горача, пасьля босыя бегалі па возеры, і адчувалі яднанне з прыродай пад гукі метала :) з'язджалі аж а 21ай!! Так рана!! Бо модным пацанам захацелася ў рэстарацыю, ладна, пад гукі старых Mentor адчалілі. У рэстарацыі мне прынесьлі вялікі келіх піва, замест 0,25. Але я вырашыла не мяняць і запіць свой сум па фэсце. А потым аказалася, што нашая афіцыянтка ведае фэст Кілкім Жайбу, і хацела б патрапіць, але працуе. А я тут з-за пропуска аднаго Thyrfing ныю :))
Прайшліся ноччу ўздоўж возера, паслухалі цішыню, паглядзелі ў цёмную ваду і на ружовы далягляд...
Субота абяцала быць клёвай, бо я аб'явіла сябрам, што застаюся да самага канца дня і еду потым сама на таксі. На што Таня адказала, што так і быць, не будзе піць, сядзе за стрыно, і паедзем, калі захочам.
І вырашылі мы паехаць на гару Шатріас. Я прачытала ў гугле, што гэта было апошняе рытуальнае месца ў старажытнай паганскай Жамойці, якое зьнішчылі хрысьціяне. Ехала я без усялякага імпэту, проста з цікаўнасьцю: ну гара і гара. Але як яна стала перад вачыма, адразу адчулася моц прыроды, прысутнасьць Багоў, месца, дзе прыпыняецца час і жыве старажытнасьць. Падняцца на гару даволі лёгка, бо зробленыя турыстычныя тропы. Людзей на версе даволі шмат для такога месца, чалавек 10 было, яшчэ столькі ж спускалася, калі мы падымаліся. Наверсе вецер кіруе, прадзьмувае цябе, як рэнтген. Усе лішнія думкі проста сыходзяць. Здаецца, што ты ўсё можаш, нават лётаць. Мне было мала часу, я ў асноўным не магла наглядзецца на прасторы навокал, а хацелася б памедытаваць, паслухаць сябе. Але, можа, сапраўды, не ў першы раз. Бо да мяне зьвярнуўся чалавек па-літоўску, я выбачылася, што не разумею, па-англельску. Ён спытаў, якія мовы, я сказала, што рускі таксама, і тут ён пачаў распавядаць пра гэтае месца, пра сябе, пра сваю сям'ю (стаялі побач жонка з малой дачкой на руках). Тут, на гары, заўсёды гарыць вогнішча, Маріус, як і шмат іншых людзей, прыязджае сюды, каб падтрымліваць яго. Хтосьці прыязджае на суткі, хтосьці на трое. Яны ўжо як тайная масонская ложа, спісваюцца, падмяняюць адзін аднаго, укладаюць свае сілы ў гэтае месца. Раней ночылі проста пад небам у намётах, потым пабудавалі невялікую юрту, зараз будуецца дамок паболей, каб зьмясьціў 21 чалавека, нешта накшталт сейма. Гэтая забудова мусіць быць адмысловай формы (бо там гарыць вогнішча, якое ахоўваецца вартай і перадаецца на гару), і мусіць быць дзіра ў столі і добрая цяга паветра, каб выходзіў дым. Думаю, што менавіта дом такой формы прысьніўся паляўнічаму, дзе яму сказалі не забіваць.
Маріус адразу і запрасіў нас на суседні холм, у гэты дом, паказаў кнігу, дзе вартавыя па чарзе пішуць свае думкі, водгукі, сны, прапановы. Расказаў, што жыцьцё яго зьмянілася пасьля таго, як ён стаў прыязжаць сюды, ён ачысьціўся быццам, знайшоў сябе, сваё месца, адчуў сваю кроў. А таксама і ў дробязях усё стала наладжвацца, напрыклад, яго не спыняюць даішнікі :))))
Так, тут дагэтуль жывуць старажытныя Багі, гэтае месца і яны зьберагаюць, даюць усім моц, ачышчаюць ад злых думак, упэўніваюць людзей і даюць накірунак. Канешне, проста гэтыя Багі ўнутры нас, а тут мы лепш іх чуем :)))
Прыеду дадому, знайду суполку вартаўнікоў у Фэйсбуку :)
Можа, калісьці і сама прыеду на варту!

Піва ў гэты дзень здавалася смачнейшым, а музыка весялейшай! Хаця спачатку гралі гурты, якія мне веееельмі не падабаліся, але нарэшце жжахнулі старпёрчыкі Entombed, і я пабегла ў фотапіт паздымаць. Як пабачыла іх - ахнула, ну такія брыдкія рожы, але як валяць! Якія становяцца прыгожыя, калі зь іх ліецца энэргія, моц і музыка! Адное задавальненьне!
Потым мой акумулятар амаль высадзіўся, і добра, што да выступу I Am Morbid была яшчэ гадзіна, я аднесла акум да майго сябра Тадаса :)) ён гэтым разам працаваў перадатчыкам пакетаў і пасылак, кожны дзень я ў яго нешта пакідала і забірала ад іншых :)) і тут яшчэ акум :) але што сказаць, на двух гуртах я хуценька высадзілі картку 8 ГБ, і пайшла адрывацца пад I Am Morbid. Дзякуй, Даркай і Варг, за кампанію ў адрыве, нашыя старыя добрыя сябры-флегматыкі з непаўторным пачуцьцём гумара :) Дарэчы, спатрэбілася зрабіць перапынак і зьбегчы ў прыбіральню, дзе мяне падсьцерагаў вельмі сьмешны персанаж! Пакуль я стаяла ў чарзе нейкі валасаты пачаў мне распавядаць, што ён не ведае гэты гурт, да свайго сораму, хаця сам са Штатаў. Ну я вырашыла папрактыкавацца ў ангельскай. Скажу, што ўсё дрэнна! Нават пад півам мне было даволі складана фармуляваць думкі і ўзгадваць патрэбныя словы. Хаця яго я разумела цудоўна, нават пад грукат басоў. Карацей, чувак дачакаўся мяне з туалета, пайшоў за мной, хацеў пачаставаць півам, але я адмовілася (што са мной? :))), дайшоў да нашай тусы і застаўся з намі, падтанцоўваў дзядзю Варгу і яго крабавай паходцы, кідаў козы і трос хаерам. Хаця выглядаў збоку цалкам няўпэўненым, не ведаю, чаму. З Амерыкі чэл прыехаў, адкуль няўпэўненасць? :))))
Пасьля выступу магутнага Дэвіда Вінсэнта Барыс Юрыч абвясьціў, што ён зьмерз. Эх. Мы толькі пайшлі да машыны, як выбухнула вогнішча!! Урааааа!!!! Першы раз за столькі год я нарэшце патрапіла на спальваньне Жайбаўскай скульптуры з саломы! Неверагодныя ўражаньні: цёмнае кола постацяў аднадумцаў, праз якія прасочваецца сьвятло, доўгія цені, крыкі радасьці і ўсхваляваньня, зьверху ўзьнімаюцца вогненныя зоры і падаюць на валасы :) калі вогнішча сьціхае, і становіцца бачны каркас скульптуры, праз яе, праз гэткую вогненную браму, пачынаюць бяжаць апьянелыя музыкай, півам і прыродай, вар'яты! Дана, што бяжала са мной да вогнішча, недзе губляецца, Таня бегае, шукаа яе, я не магу адарвацца ад вогнішча, здымаю. Тут нарэшце першы раз за фэст я сустракаю Косьцю, якога бачыла на мяжы! Ааа ну шчасьце, што вы дабраліся, і мы нарэшце сустрэліся, і ў такі прыгожы момант, каля палаючага вогнішча! Але ж час ехаць, разьвітваемся і едзем у Цяльшай.
У нядзелю пайшоў дождж, але мы ў дарозе, і дождж дадае дарозе нейкай эпічнасьці, накіроўвае да думак. Вось, я прачытала за дарогу невялікую кніжку: паміж трэба і хачу. І напісала свае ўспаміны пра гэтыя дні. Так і прайшоў час да мяжы. Хутка буду дома абдымаць Стэфку :)

https://fevra.livejournal.com/339927.html

Метки:  

 

Добавить комментарий:
Текст комментария: смайлики

Проверка орфографии: (найти ошибки)

Прикрепить картинку:

 Переводить URL в ссылку
 Подписаться на комментарии
 Подписать картинку