У лютым 2022 года расійскія войскі перайшлі ўкраінскую мяжу амаль па ўсім яе перыметры, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Не толькі расійскія, але і заходнія спецслужбы меркавалі, што Украіна не выстаіць, а Кіеў, які знаходзіцца за 90 км ад беларускай мяжы, будзе захоплены расійскімі войскамі ў першыя дні канфлікту. Крыніцы «Нашай Нівы» ў беларускім істэблішменце дазволілі апублічыць некаторыя дэталі таго, што адбывалася ў Мінску год таму.
Старшыня Памежнага камітэта Анатоль Лапо, міністры абароны Віктар Хрэнін і ўнутраных спраў Іван Кубракоў, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка — злева направа на цырымоніі ў Аляксандра Лукашэнкі 7 сакавіка. Скрыншот відэа
Рашэнні ў Беларусі прымае асабіста Аляксандр Лукашэнка, але пэўны ўплыў на яго рашэнні мае тое, якія дакументы, ацэнкі і прапановы да яго даходзяць.
Кола людзей, якія маюць «доступ да цела» і фарміруюць матэрыялы, што атрымлівае дыктатар, або асабіста размаўляюць з ім, не вялікае. У яго ўваходзяць кіраўнікі спецслужбаў, адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, сваякі кіраўніка дзяржавы і вузкае кола памочнікаў і людзей, якім ён давярае. Адносна пытання такой важнасці, як вайна, гэтае кола было яшчэ меншым.
Пазіцыі «ястрабаў» і супраційнікаў уступлення Беларусі ў вайну